Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

У першым беларускім мабільным аўдыягідзе «KrokApp» ёсць помнікі Гродна

Фота: Ірына Новік

Мабільная праграма, распрацаваная на базе Інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, дазволіць падарожнічаць па краіне без дапамогі прафесійных гідаў, піша TUT.BY.

Ідэя праекта належыць мінчанцы Алене Крывальцэвіч. Дзяўчына часта падарожнічае па краіне. Але без спецыяльнай падрыхтоўкі часта не ведае, што варта паглядзець у тым ці іншым горадзе. Патрапіўшы па размеркаванні ў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі (па прафесіі Алена камп’ютарны лінгвіст, яна працуе ў лабараторыі сінтэзу мовы), дзяўчына прапанавала кіраўніцтву і сваім калегам праект мабільнай праграмы, якая дапамагла б вырашыць праблемы яе і многіх іншых турыстаў.

Па словах Крывальцэвіч, «ідэя ў тым, каб карыстальнікі маглі хадзіць па горадзе самастойна. Калі чалавек уключае гэтую мабільную прыладу, ён можа пазначыць, колькі ў яго ёсць часу, каб паглядзець архітэктурныя адметнасці. KrokApp павінен разлічыць кропкі агляду, якія можа ўбачыць гэты чалавек, і прапанаваць маршрут, як да іх прайсці. Калі ў яго ёсць паўгадзіны, яму будуць прапанаваны пяць кропак. Калі гадзіна або дзве, кропак будзе нашмат больш. Ёсць людзі, якія любяць згубіцца ў горадзе — для іх ёсць спецыяльная прапанова. Калі чалавек будзе праходзіць побач з кропкай агляду, аўдыёгід будзе ўключацца аўтаматычна і расказваць пра пэўную адметнасць».

Рабочая мадэль праграмы зроблена на базе Android. Сама праграма KrokApp ужо апублікавана ў Google Play у тэставым варыянце. Зараз у бясплатным доступе прадстаўлены тры гарады: Мінск, Брэст і Гродна. У кожным з іх — па пяць кропак агляду. У сталіцы гэта чыгуначны вакзал, «Брама Мінска», плошча Незалежнасці, Чырвоны касцёл і Дом ураду. У Брэсце — Брэсцкая крэпасць, алея літаратурных ліхтароў, чыгуначны вакзал, зімовы сад і помнік тысячагоддзя Брэста. У Гродне — Стары і Новы замкі, Фарны касцёл, Каложская царква, лютэранская кірха і гродзенскі заапарк. Пра кожны з аб’ектаў можна праслухаць кароткую інфармацыю (на адну-дзве хвіліны), пададзеную на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай).

Паводле інфармацыі Алены, пакуль мабільную праграму ўсталёўвалі 475 разоў. Часцей за ўсё гэта карыстальнікі з Беларусі, Украіны і Расіі, а таксама з ЗША і Германіі.

Як тлумачыць Алена, яна ведае пра існаванне замежных аналагаў KrokApp. Але яны недапрацаваныя, а інфармацыі пра Беларусь у іх практычна няма. У лепшым выпадку гэта спіс помнікаў (у Мінску іх усяго два-тры дзясяткі).

Алена спадзяецца, што ў перспектыве праз праграму можна будзе пазнаёміцца не толькі з архітэктурнымі помнікамі, але і з рэстаранамі, кінатэатрамі і нават грамадскімі прыбіральнямі. Пазней — прадставіць інфармацыю па ўсіх гарадах Беларусі. Алена Крывальцэвіч спадзяецца, што інфармацыю аб некаторых помніках змогуць даць і мясцовыя жыхары. Магчыма, у KrokApp будзе ўключана нават іх «агучка».

Пакуль каманда стваральнікаў KrokApp, якая налічвае сем чалавек (сярод іх праграміст, маркетолаг, праекціроўшчык, дызайнер), рыхтуецца да фіналу восьмага рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, пераможцы якога атрымаюць матэрыяльную падтрымку ад мецэнатаў і спонсараў.

У далёкай перспектыве стваральнікі праграмы спадзяюцца, што ім удасца не толькі прыцягнуць у краіну турыстаў, але і зацікавіць суайчыннікаў. Як распавядала Алена, яна і яе калегі выходзілі «ў народ» з камерай і праводзілі апытанне, ці ведаюць іх суразмоўцы беларускія славутасці. «Большасць людзей называлі ўсяго некалькі адметнасцей. Часцей за ўсё нацыянальная бібліятэку і Белавежскую пушчу».

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары