Уздоўж Індурскай шашы ў Гродне усталёўваюць дадатковыя мачты. Яны дазволяць падоўжыць уздоўж вуліцы тралейбусную лінію. Выкарыстоўваць яе будуць новыя бескантактавыя тралейбусы.

Як даведаўся карэспандэнт AutoGrodno.by, у пачатку студзеня 2017 года ў Гродна прывязуць 7 такіх тралейбусаў (першапачаткова планавалася 5 штук), яны будуць курсіраваць паміж Дзевятоўкай і Вішняўцом. Гродзенскія кіроўцы тралейбусаў ужо прайшлі навучанне ў Мінску.

trollejbus-02Па разліках спецыялістаў, запас аўтаномнага ходу тралейбусаў будзе вычэрпвацца на пад’ездзе да кальца «Славінскага — Кляцкова», пасля доўгага шляху па мікрараёну Вішнявец.

Улічваючы коркі ў бок кальца, інжынеры вырашылі пракласці лінію на 300−400 метраў і злучыць яе з дзеючай сеткай, каб пазбегнуць непрыемнасцяў у будучыні.

Адзначым, што ні ў адным горадзе Беларусі яшчэ не курсіруюць бескантактавыя тралейбусы «Белкамунмаша». У пачатку студзеня толькі ў два гарады паступяць такія тралейбусы — у Гродна і ў Мінск. Запас аўтаномнага ходу тралейбуса складзе 15−17 кіламетраў. На навучанні гродзенскія кіроўцы разганяліся да 70 км/г, без праблем падымаліся ў горку.

У перспектыве тралейбусы паедуць і на Альшанку, у «Тралейбусным упраўленні» чакаюць заканчэння будаўніцтва новай дарогі.