29 тур чэмпіянату Беларусі прынёс гродзенскім заўзятарам добрыя навіны. Нягледзячы на нічыю ў Слуцку, «Нёману» ўдалося выканаць галоўную мэту ў сезоне і захаваць прапіску ў Вышэйшай лізе.

Матч у Слуцку скончыўся з нулямi на табло, хоць каманды прадэманстравалі баявую гульню з багаццем небяспечных момантаў. З запамінальнага можна адзначыць удар случчан у крыжавiну, а таксама ўдар Паўла Савіцкага ў штангу.

«Слуцк» — «Нёман» — 0:0

Пасля матчу старшы трэнер гродзенцаў Павел Бацюта (выводзіў каманду замест дыскваліфікаванага Кавалевіча) пракаментаваў нічыю са «Слуцкам», а таксама пацешыўся таму, што «Нёман» захаваў прапіску ў вышэйшай лізе.

«Што сказаць па гульні? Шалі вагаў маглі схіліцца як у адзін, так і ў іншы бок. Зыходзячы з усяго матчу, лічу нічыйны вынік заканамерным.

Каманда выйшла з вялікай самааддачай, магу сказаць, што мы выканалі пастаўленую задачу, таму што каманда засталася ў вышэйшай лізе.

Хачу асобна падзякаваць заўзятарам, іх напэўна паболей было, чым мясцовых фанатаў. Хачу падзякаваць, што прыехалі і падтрымлівалі каманду".

Незалежна ад выніку матчу ў Слуцку, гродзенцы ў любым выпадку захавалі б прапіску ў Вышэйшай лізе, таму што каманды, якія замыкалі турнірную табліцу, страцілі ачкі ў сваіх матчах i не маглi ўжо дагнаць «Нёман».

Хто застанецца ў элітным дывізіёне, вырашаць паміж сабой тры каманды: «Белшына», «Граніт» і «Нафтан». Менавіта з наваполацкай камандай «Нёману» трэба будзе сустрэцца ў апошнім туры ў Гродне. Матч паміж супернікамі пройдзе 27 лістапада.

4
Таблiца з групы заўзятараў ФК"Нёман"