Трэці год запар Financial Times стварае спіс праекта «New Europe 100». У штогадовы рэйтынг сотні найлепшых, якія выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, увайшлі і беларусы. Сярод іх сузаснавальнік праекта Masquerade Яўген Неўгень і стваральнікі праекта Kino-mo Арцём Ставенка і Кірыл Чыкеюк.

ТОП-100 складаюць не толькi Financial Times, але i фонд Res Publica, Google і іншыя вядомыя фірмы і арганізацыі. У спіс трапляюць людзі, якія выкарыстоўваюць інавацыі і крэатыўныя падыходы для вырашэння актуальных для свету праблем.

Гродзенец Яўген Неўгень з’яўляецца сузаснавальнікам Masquerade, распрацоўшчыка праграмы MSQRD, якая дазваляе ў рэальным часе загрымiравацца пад вядомую асобу або незвычайны тыпаж. Праграма стала надзвычай папулярнай, яе выкарыстоўвалі нават сусветныя зоркі. У сакавіка 2016 года Facebook набыў кампанію Неўгеня і прозвішча гродзенца стала вядомым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Сам Яўген у Гродне зараз не жыве. Горад, дзе жывуць яго бацькі, ён наведвае рэдка, бо не мае шмат вольнага часу.

Спецыяліст мае прыехаць у Гродна 25 лістапада, каб прыняць удзел у двухдзённым міжнародным хакатоне Garage48. Мерапрыемства будзе праходзіць у Парку высокіх тэхналогій на вуліцы Горкага.