У Гродне прэзентавалі першы нумар новага навуковага гістарычнага выдання — «Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў». Новы акадэмічны часопіс выдаецца беларускімі навукоўцамі пры Варшаўскім універсітэце, піша s**boda.org.

Рэдактар «Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў» Генадзь Семянчук сказаў, што новы гістарычны часопіс выдаецца пераважна былымі гродзенскімі гісторыкамі, якія па палітычных матывах былі звольненыя з універсітэту імя Янкі Купалы. Больш дзесяці звольненых гісторыкаў былі прынятыя ў Цэнтр беларускіх студыяў, які створаны адмыслова для іх пры Варшаўскім універсітэце.

Паводле Семянчука, канцэпцыя выдання не будзе адыходзіць ад класічных акадэмічных навуковых выданняў гуманітарнага накірунку. Плануецца, што большасць тэкстаў у часопісе будуць займаць вынікі навуковых даследаванняў сябраў Цэнтра беларускіх студыяў пры Варшаўскім універсітэце. Таксама будуць госці, абавязкова маладыя навукоўцы. У выданні будуць рубрыкі — «Крыніцы» і «Рэцэнзіі».

Генадзь Семянчук
Генадзь Семянчук
Што датычыць тэматыкі, то, паводле рэдактара Семянчука, пераважна будзе рэпрэзентавацца беларуская гістарыяграфія, а таксама беларуска-польская гістарычная праблематыка і дачыненні.

— Першы нумар нашага часопіса прадстаўлены тэкстамі, якія датычаць пераважна гісторыі ХІХ-ХХ стагоддзяў, але ёсць і іншае. Да прыкладу, сацыёлаг Вардамацкі прадставіў тэкст, прысвечаны сучасным сацыялагічным аналізам рэакцыі беларускага грамадства на падзеі ва Украіне. Хачу зазначыць, што тэксты ў часопісе будуць друкавацца на адной з трох моваў: па-беларуску, па-польску альбо па-англійску.

Паводле прафесара Алеся Краўцэвіча, выданне мае прадэманстраваць, што гродзенскія гісторыкі, звольненыя па палітычных матывах з універсітэту імя Янкі Купалы, надалей прысутнічаюць у навуковай прасторы:

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч
— Вельмі добра, што ў нас з’явілася такая магчымасць выдаваць свой навуковы часопіс. Гэта будзе сведчаннем таго, што мы існуем у навуковай прасторы. Ва ўсёй Беларусі выходзіць толькі адзін навуковы гістарычны часопіс «Беларускі гістарычны агляд». Гэта практычна адзінае выданне на ўсю Беларусь на мноства ўніверсітэтаў. Складваецца ўражанне, што беларускім гісторыкам плацяць грошы за тое, каб яны не пісалі гісторыі Беларусі.