У лістападзе і снежні ў школы і гімназіі Гродна, Ліды, Слоніма, Ваўкавыска, Смаргоні і Навагрудка прыедуць вядомыя пісьменнікі і тэлевядучыя, каб правесці ўрокі у межах праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». У абластным цэнтры урок пройдзе 16 лістапада ў Новым замку і будзе прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Год назад кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ініцыявала сацыяльны адукацыйны праект па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры — «Чытаем па-беларуску з velcom». За гэты час незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў 80 школах Мінска, Гомельшчыны і Берасцейшчыны.

Настаўнікамі на ўроках для вучняў 2−3 класаў выступалі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Наталля Бучынская. Таксама ў ролі выкладчыкаў праекта спрабавалі сябе беларускія спартоўцы і тэлевядучыя.

unnamed
Юрый Жыгамонт

На ўроку, што пройдзе ў Новым замку, вядомыя гарадзенцы прагартаюць старонкі біяграфіі Максіма Багдановіча і прачытаюць яго вершы. Тэма ўрока прымеркавана да святкавання 125-годдзя з дня нараджэння паэта, якое адзначаюць 9 снежня.

unnamed-1
Раіса Баравікова

«З праектам „Чытаем па-беларуску з velcom“ я знаёмы. Радасна сустракаць яго і ў Гродна. Мэты яго зразумелыя і простыя. Прысвяціць урок Максіму Багдановічу або якому-небудзь іншаму літаратару — безумоўна, удалая спроба пазнаёміць дзяцей з творчасцю класіка ці сучасніка. Спадзяюся, многія дзеці пранікнуцца, зацікавяцца і будуць памятаць пра гэтую падзею. Таму такія праекты павінны быць. Проста таму што яны вызначаюць нас як нацыю, вызначаюць беларускую самаідэнтычнасьць», — адзначыў Юрый Кітурка, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Чакаецца, што да канца 2016/2017 навучальнага года ў рэспубліканскім праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» прымуць удзел каля 150 школ і больш за 20 000 вучняў па ўсёй Беларусі. Арганізатары «Чытаем па-беларуску з velcom» адгукваюцца на запыты аб правядзенні ўрокаў ад устаноў адукацыі. Так, на Гродзеншчыне каманда праекта наведае сельскую беларускамоўную школу ў аграгарадку Квасоўка.