У клубе «Пушкін» упершыню прайшла новая для Гродна гульня «Галоўныя песні аб галоўным». 23 кастрычніка ўдзельнікам прыходзілася адгадваць мелодыі, зусім як у старых тэлепраграмах з 90-х гадоў. Гродна стаў другім пасля Мінска горадам, дзе апрабавалі гэтую гульню.

Арганізатар музычнай гульні - Уладзімір Зубелiк. Ён таксама займаецца інтэлектуальнай віктарынай «PubQuiz».

«Галоўныя песні аб галоўным» гэта камандная гульня, якая складаецца з некалькіх конкурсных тураў, аб’яднаных музычнай тэматыкай. Гэта музычнае каманднае шматбор’е, на якое можна сабраць сваіх сяброў, знаёмых ці сваякоў. Мы прапануем перанесціся ў праграму «Угадай мелодыю» ці «Два раялі». Мы кожнаму даём магчымасць паспрабаваць сябе ў музычнай бітве".

Рэжысёр «Цэнтра культуры Гродна» Андрэй Чэпялюк быў адным з першых удзельнікаў новай гульні. Ён застаўся задаволены навінкай і ўжо гатовы прыйсці на наступную музычную бітву.

«Першая гульня прайшла добра. У адрозненні ад музычных тураў у аналагічных гульнях, тыпу „Мазгабойнi“, тут радуе рознабаковы і ў той жа час досыць шырокавядомы матэрыял з лёгкім ухілам у „рэтра“. Падыход арганізатараў да музычнага матэрыялу таксама радуе. Каб мець высокія балы мала быць меламанам — неабходны і пэўны ўзровень эрудыцыі».

Гульня «Галоўныя песні аб галоўным» складаецца з шасці тураў, у кожным — пэўная тэма і заданні. Не заўсёды трэба будзе адгадваць мелодыю — недзе будуць пытанні звязаныя з артыстамі і іх творчасцю. Кожную гульню заданні будуць мяняцца.

Гульні будуць праводзіць кожную нядзелю, двойчы ў дзень, у клубе «Пушкін». Каманды складаюцца з 4−8 чалавек. Унёсак кожнага ўдзельніка 4 рублі.