Цяпер у гродзенскіх аматараў алкагольных напояў і шансона з’явілася новае месца, дзе яны змогуць праводзіць час. Першая ў горадзе чарачная адкрылася на месцы папулярнай у мінулым піўной забягалаўкі «Кубань».

Чарачная гэта піцейная ўстанова. З савецкіх часоў такія месцы служылі для хуткага задаволення алкагольнай смагі. У такіх месцах прадавалася выключна гарэлка ў разліў. Таму часта слова «чарачная» выклікае вобраз забягалаўкі з абшарпанымі сценамі. Але сучасныя чарачныя пайшлі наперад і маюць мала агульнага са сваімі савецкімі продкамі. У Гродне не сталі змяняць традыцыям: зрабілі ўсё як раней, толькі з больш чалавечым абслугоўваннем і інтэр'ерам.

«Адкрылі, бо ў горадзе няма ніводнай чарачнай. У такім месцы мы можам „вярнуцца“ ў 90-ыя і нават у больш раннія гады. У добрым сэнсе слова. У такой установе можна будзе расслабіцца з сябрамі, паслухаць шансон, перакусіць, выпіць. Галоўнае, што ўсё танна і даступна», — распавёў уладальнік установы Іван.

Знаходзіцца чарачная ў адным з самых «ваенных» раёнаў горада, ля вуліц Шчорса і Пралетарскай, дзе жыве шмат адстаўных афіцэраў.