У верасні на адным з гарадскіх каналаў выйшаў шэраг пілотных выпускаў праграмы «Гродненский календарь». Гараджан штодня знаёмілі з самымі цікавымі падзеямі ў гісторыі Гродна, а краязнаўца Віктар Саяпін падбіраў для кожнага выпуску ўнікальныя фатаграфіі і відэаматэрыялы. Але ўжо больш за тыдзень праграма не выходзіць — ёй патрэбна грашовая падтрымка гродзенцаў.

Калектыў праекта атрымаў шмат станоўчых водгукаў. Многія гледачы прапанавалі рабіць больш разгорнутыя апісанні асобных падзей. Але апошні выпуск «Гродненского календаря» выйшаў 4 кастрычніка. Каб працягнуць працу, камандзе патрэбна фінансаванне. Актыўныя гродзенцы размясцілі праект на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

«Як і любы нармальны гродзенец, я вельмі люблю наш горад. Хочацца, каб пра яго багатую гісторыю ведала як мага больш людзей. Акрамя замкаў і храмаў, у нас шмат цікавага, але далёка не ўсе пра гэта ведаюць. Колькі сусветных знакамітасцяў родам адсюль!», — сказала рэжысёр праграмы Наталля Шматко.

Падтрымаць праграму, якая цалкам можа быць візітоўкай самабытнага Гродна, можа любы жадаючы. Як дапамагчы праекту, можна даведацца тут. А па ўсіх пытаннях звяртацца сюды.