У 2017 годзе колькасць чыгуначных спалучэнняў у суседнім з Гродзеншчынай рэгіёне Польшчы мае павялічыцца больш чым на палову. Цягнікоў з Беластока да Кузніцы будзе не два ў суткі, а ажно пяць. І не выключана, што іх канчатковай станцыяй стане Гродна, піша bialystok.wyborcza.pl.

Маршалак ваяводства Ежы Ляшчыньскі і дырэктар мясцовага аддзялення фірмы Przewozy Regionalne Яраслаў Глазер адзначылі, што на такое рашэнне паўплывалі меркаванні пасажыраў і шматмесячныя перамовы. Цяпер самае галоўнае, каб новымі рэйсамі карысталіся пасажыры, інакш, калі яны апынуцца незапатрабаванымі, іх ліквідуюць.

Дырэктар Глазер расказаў, што адзін з пяці цягнікоў Беласток-Кузніца мог бы быць падоўжаны да Гродна і ездзіць паралельна з ужо існуючым бесперасадачным вагонам Гродна-Кракаў ад фірмы Intercity.

А вось цягнікоў з польскай Чаромхі на станцыю Высока-Літоўск (Брэсцкая вобласць) дакладна пакуль што не будзе — там складана арганізаваць працу мытнікаў, ды і верагодна спалучэнне будзе нерэнтабельным.

Расклад яшчэ зменіцца

У сувязі з мадэрнізацыя чыгуначных ліній, у Польшчы ў бліжэйшы год расклад будзе мяняцца ажно пяць раз: 11 снежня 2016, 12 сакавіка 2017, 11 чэрвеня 2017, 3 верасня 2017 і 15 кастрычніка 2017.